Экскурсія ў этнаграфічны музей аг. Дварэц
Мэты экскурсіі:
- пазнаёміць выхаванцаў з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце;
- развіваць уменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізаваць атрыманую інфармацыю;
- выхоўвыць беражлівыя адносіны да гістарычнага мінулага роднага краю і Беларусі.
Ход экскурсіі:
Трэба ведаць – сэрца просіць,
Як дзядам, бацькам жылося…
Як сахой даўней аралі,
Як смыком зямлю бярлялі,
Як з сявалкі збожжа-зерне
Рассявалі чорнай жменяй…
Трэба ведаць, што зазналі,
Як на пана працавалі…
Трэба ведаць і пра тое,
Апраналі што? Якое?..
П.Броўка
Выкладчык :
-Сёння я запрасіла вас у наш этнаграфічны пакой, каб расказаць, як жылі нашы дзяды , прадзеды,чым займаліся, якія любімыя заняткі ў іх былі, як вялі сваю гаспадарку.
Экспанаты, якія вы бачыце збіраліся настаўнікамі і вучнямі не адзін год. Некаторым з іх больш чым за сто гадоў. Хочацца адзначыць, што адметнай асаблівасцю рэчаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную і выпраменьваюць энергетыку таго часу.
Вы бачыце, што наш этнаграфічны пакой пабудаваны ў выглядзе беларускай хаткі.
Як і ў любой вясковай хаце ёсць месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар.
Вядучы 1:
Покуць – так называецца гэтае пачэснае месца ў хаце, не забытае Богам. Лічылася, што покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І ні абы як, а па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў-прадзедаў, частаваліся.
Лічылася, што покуць – гэта кусочак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы – з выявамі Ісуса Хрыста і святых.
Покуць заўсёды прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі – набожнікі. На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць, напрыклад, на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль.
Выкладчык:
-Чым жа любілі займацца нашы продкі?
Вечарамі, асабліва ў зімовы час, сялянская хата ператваралася ў майстэрню. У доўгія вечары пры святле лучыны, тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і пралі, ткалі, шылі адзенне і вышывалі.
Вядучы 2:
Адно з самых старажытных промыслаў беларусаў – ткацтва.
На працягу стагоддзяў яно перадавалася з пакаленняў у пакалення. Сыравінай для ткацтва быў лён або авечая воўна.
Лён – заўсёды быў улюблёная расліна славянскіх народаў. З яго валакна выраблялі вопратку, вяроўкі і нават абутак. Вырашчаны лён трэба было сабраць, звязаць у снапы, а потым раскласці на полі, каб пад уплывам сонца, ветру і дажджу адышла кастрыца ( адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні ). Гэта патрабавала шмат намаганняў і часу. Цяжка было пераўтварыць льняныя сцяблы ў валакно, а затым у тканіну.
Выкладчык:
У нашай музейнай хаце знаходзяцца некаторыя прылады ткацтва: калаўрот, прасніца, шчотка,сукала, верацяно, матавіла, пранік чаўнок. Ну, і канешне ткацкі станок (калі пража была гатова, то гаспадыні сядала за станок і пачыналі працу).
Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Звярніце, калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках. Некаторым ручнікам больш чым за 100год.
Ручнікі (паказ экспанатаў) не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах.
Вядучы 1:
Сцежкамі ў полі ўздоўж дарожных даляў
вышытыя розна ручнікі ляжалі,
белыя, даўгія – гэтак ў час мяцелі
студзень каля хатаў чысты снег пасцеле.
А на іх рукою вышыты жаночай
сінія валошкі з макамі ў вяночак,
галубок і пеўнік, ягады каліны,
нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні.
Па канцах карункі тонкім павуціннем
альбо пераплѐтам фрэндзлі зіхацелі.
Ў покуці павесіць, на абраз у хату,
альбо перакінуць цераз плечы
свату ручніка такога не ўстыдно дзяўчыне,
знача з працавітых, калі поўна скрыня,
няхай паглядаюць і сваты, і госці –
колькі вышыванай, любай прыгажосці.
Выкладчык:
Вялікая колькасць ручнікоў выкарыстоўвалася ў цэлым радзе святаў, асабліва сямейна-родавай накіраванасці: пры нараджэнні дзіцяці, на вяселлі і ў час пахавання. Пералічым толькі некаторыя сітуацыі, ядром якіх быў ручнік.
Вядучы 2:
- З'явіцца дзіцяці на свет дапамагала бабка-павітуха. Як толькі яна ўваходзіла ў хату (часцей за ўсѐ жанчына нараджала ў бані), яна вешала каля ўваходу ці ў галавах парадзіхі ручнік.
- Адразу пасля нараджэння бабка-павітуха амывала немаўлятка, спавівала яго ў тонкі ручнік.
- Калі дзіця станавілася непаслухмяным, каб выправіць сітуацыю патрэбна было запрасіць на Вялікдзень за адзін стол сватоў, што сваталі бацькоў, і кумоў, што хрысцілі дзіця. Перад тым, як запрасіць іх за стол, ім прапанавалі вымыць рукі і выцерці новым ручніком. Затым трэба было зрабіць так, каб тым жа ручніком выцерлася і дзіця. Затым гэты ручнік хавалі і тры гады не мылі.
- Перад тым, як блаславіць дачку на шлюб, бацька тройчы абводзіў яе вакол стала (рытуальнае развітанне з сям'ѐй), апаясаўшы спецыяльным ручніком.
Вядучы 1:
-Ручнікамі перавязвалі пары хросных бацькоў жаніха і нявесты, якія выконвалі пачэсныя абавязкі сватоў. З хлебам-соллю, якія былі на ручніку, праводзілі і сустракалі маладых на парозе хаты.
- Ручнік, на якім маладыя стаялі ў храме ў час вянчання, надзяляўся самым высокім абрадавым статусам. Яго захоўвалі ўсѐ жыццѐ як залог шчаслівага сямейнага жыцця.
- Выключным статусам сярод народных знахароў карыстаецца ручнік, на якім апускалі ў магілу труну з памерлым. Ёсць многа пацвярджэнняў таму, як з іх дапамогай лечацца найцяжэйшыя псіхічныя захворванні дзяцей і дарослых (асабліва эпілепсія).
-На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі маладых пасля вянчання ў царкве. Ужываўся ручнік і ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Самых паважаных гасцей падчас урачыстасцей і зараз сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках.
Выкладчык:
У кожнай сялянскай хаце можна было ўбачыць зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары, бяросты. Лыка дралі найчасцей з маладой ліпы, сушылі ў клеці або на гарышчы хаты. Потым палоскі кары, каб яны не ламаліся, размочвалі ў цёплай вадзе. І плялі лапці (падыходзіць і паказвае).
Плялі лапці звычайна мужчыны. Сярод іх былі сапраўдныя майстры: сплеценыя імі лапці, лёгкія і зграбныя, прыгожа глядзеліся на любой назе. У іх было добра і на працы, і ў танцы.
Ну, а ўсе свае адзенне нашы продкі хавалі ў куфар.
Частка нашай экспазіцыі прысвечана гаспадарчым рэчам.
Вядучы 2:
Качалка – прыспасабленне для разгладжвання вырабаў з тканіны. Вопратку раскачвалі валікам – гэта драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі і ручкай. Зубцы размяшчаліся шчыльна адзін каля аднаго (паказ экспанатаў).
Калі вы ўважліва паглядзіце, то ўбачыце калекцыю жалезных прасаў . Працавалі яны на вуглях. Каб працаваць такім прасам, спачатку неабходна было ўнутар пакласці гарачыя бярозавыя вуглі. Каб зноў распаліць патухшыя вуглі, трэба было падуць ці памахаць прасам з боку ў бок.
Вядучы 1:
А вось перад вамі – бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла.
Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, зверху-ўніз. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплай бульбай.
Вядучы 2:
Звярніце, калі ласка, увагу на гліняны посуд. Ён і сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзіцца ён і на кухоннай паліцы, і на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў гліняныя вырабы былі на любы густ і для розных патрэб.
Гэта – збанок . Пасудзіна добра вядомая. У ім звычайна трымалі малако: доўга не скісае, а ў гарачыню – халоднае. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменчыкам лілося ў міску ці ў кубак.
Гарлачык – старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькі гарлачык без ручкі і не мае носіка-дзюбкі зверху.
Жорны- ручны млын.традыцыйная прылада для памолу зерня;
У музеі вы бачыце плеценыя кошыкі,посуд, пад столлю вісіць калыска.
Вырабы гэтыя звычайна рабіліся з лазы.
Выкдадчык:
Падышла да канца наша экскурсія. Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця, канечне, не варта, але ведаць, як жылi нашы дзяды,прадзеды, трэба. Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка ў хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.
Нясем сваю мы спадчыну,
Здабытую ў вяках,
Шануем песню матчыну –
Наш неацэнны скарб.
Яна для нас крыніцаю
Жывей вады звініць,
Каб не маглі забыцца мы,
Дзеля чаго нам жыць.
Дзякуй за ўвагу! Да новых сустрэч!